Панарама метадычных ідэй
З 11.04.2022 па 22.04.2022 ў школе было арганізавана правядзенне ПАНАРАМЫ МЕТАДЫЧНЫХ ІДЭЙ. У рамках Панарамы прайшлі ўрокі, дзе педагогі школы прадэманстравалі свае метадычныя знаходкі па прымяненні разнастайных прыёмаў і форм павышэння выхаваўчага патэнцыялу ўрока, арганізацыі кампетэнтнаснага падыходу да адукацыйнага працэсу, выкарыстання інавацыйных прыёмаў навучання.
Панарама пачалася з урока рускай мовы намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўніка-метадыста Пархімовіч Л.В., на якім вучні 5 класа працавалі над напісаннем сачынення “Вясной у лесе”. Арганізацыя ўрока развіцця мовы, інавацыйныя падыходы да ўзбагачэння слоўнікавага запасу і набыцця навыкаў пабудавання тэксту розных стыляў і тыпаў па прынцыпу “ пішам сачыненне – як дом будуем” дазволіла кожнаму вучню адчуць сябе пісьменнікам.
На ўроку гісторыі ў 11 класе па тэме “Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы” настаўніка другой кваліфікацыйнай катэгорыі Яблакава П.А. быў рэалізаваны метапрадметны падыход. Візуалізацыя вучэбнага матэрыялу садзейнічала павышэнню матывацыі вучняў да вывучэння прадмета, рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока. Вучням была дадзена магчымасць разважаць, выказваць і абгрунтоўваць сваю думку.
Урок фізікі ў 7 класе па тэме “Механічная работа. Адзінкі работы” настаўніка першай кваліфікацыйнай катэгорыі Адамчук Н.І. праводзіўся як даследаванне, дзе вучні прадэмантравалі гатоўнасць да пошуку шляхоў атрымання інфармацыі, нормы паводзін пры рабоце ў групе, паважлівае стаўлення да чужога меркавання.
У аснову ўрока беларускай мовы “Скланенне зборных лічэбнікаў” ў 6 класе настаўніка першай катэгорыі Грыцкевіч Г.М. было пакладзена праблемнае навучанне. Выкарыстанне гексаў як сродку візуалізацыі вучэбнага матэрыялу дапамагло абагуліць і сістэматызаваць матэрыял. Выхаваўчы патэнцыял урока рэалізаваны праз змест матэрыялу, формы работы і стварэнне камфортнай атмасферы.
На ўроку рускай мовы настаўніка вышэйшай катэгорыі Верабей Т.І. па тэме “Парадкавыя лічэбнікі” шасцікласнікі не толькі навучыліся знаходзіць і скланяць лічэбнікі, але і правільна пісаць іх у віншаваннях родным і блізкім напярэдадні Дня Перамогі. Ваенная тэматыка на працягу ўсяго ўрока спрыяла выхаванню ў вучняў разумення значэння і велічы свята, беражлівых адносін да народнай памяці.
Правядзенне Панарамы метадычных ідэй – даўняя традыцыя школы, якая дапамагае выявіць і трасліраваць станоўчы вопыт лепшых педагогаў школы па сучасных праблемах навучання і выхавання.